Беларуская Служба

У Полацку пачалася падрыхтоўка да рэстаўрацыі Сафійскага сабора

14.05.2026 11:37
Сафійскі сабор — гэта ўнікальны сімбіёз муроў ХІ стагоддзя і віленскага барока Яна Глаўбіца XVIII стагоддзя.
Вежы Сафійскага сабора ў ПолацкуAutorstwa Yahor Khavanski - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік пачаў працэдуру па вывучэнні кан'юнктуры рынку для распрацоўкі перадпраектнай дакументацыі на рамонтна-рэстаўрацыйныя працы ў Сафійскім саборы.

Згодна з зацверджанай дзяржпраграмай «Культурная прастора» на 2026–2030 гады, на гэты помнік найвышэйшай катэгорыі «0» (такія прэтэндуюць на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА) агулам выдзелена 2,4 мільёна рублёў. Будаўнічыя працы запланаваныя на перыяд з 2026 па 2028 год. Від будаўніцтва вызначаны як «рэстаўрацыя, капітальны рамонт, добраўпарадкаванне».

На бягучую перадпраектную стадыю адведзена чатыры месяцы (з чэрвеня па верасень 2026 года). За гэты час праекціроўшчыкі мусяць правесці комплексныя навуковыя пошукі, уключаючы архіўныя, архітэктурна-археалагічныя і фізіка-хімічныя даследаванні будаўнічых матэрыялаў. На іх аснове будзе распрацавана архітэктурна-планіровачная канцэпцыя. Яна прадугледжвае рашэнні па рэстаўрацыі фасадаў, выбар метадаў узмацнення гістарычных канструкцый і мадэрнізацыю інжынерных сетак з улікам функцыянавання сабора як музея.

Акрамя таго, патрабуецца стварыць праект новай архітэктурнай падсветкі будынка і прылеглай тэрыторыі, а таксама правесці ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА).

У тэхнічным заданні асобна прапісана патрабаванне па стварэнні безбар'ернага асяроддзя, аднак з удакладненнем, што праз гістарычныя асаблівасці аб'екта магчымасці для адаптацыі будуць абмежаванымі.

Крыніца: «Спадчына»/юл